Пайшла з жыцця Наталля Адамовіч

Дачка пісьменніка Алеся Адамовіча да апошніх дзён захоўвала памяць і збірала матэрыялы пра свайго славутага бацьку.

Пра смерць Наталлі Адамовіч паведаміла кіраўніца Беларускага ПЭНу Таццяна Нядбай.

Наталля Адамовіч нарадзілася вясной 1954 года ў сям’і пісьменніка Алеся Адамовіча і філолага Веры Адамовіч.

Пасля смерці бацькі яна захоўвала і вывучала яго сямейны архіў, дапамагала публікаваць лісты і запісныя кніжкі пісьменніка, удзельнічала ў падрыхтоўцы новых выданняў яго твораў.

— Зусім нядаўна мы размаўлялі з ёй — напярэдадні прэзентацыі ў Музеі Вольнай Беларусі аўдыягіда «Сцежкамі Адамовіча», прысвечанага дзяцінству і жыццю Алеся Адамовіча, — узгадвае Таццяна Нядбай. — Расказвалі пра нашы навіны, пра тое, што цяпер робім для прэміі яго імя…

Наталля заўсёды была неад’емнай часткай гісторыі прэміі імя Алеся Адамовіча, заснаванай Беларускім ПЭНам. Яна цікавілася ўсім, што адбывалася вакол прэміі, падтрымлівала яе і ў меру сваіх магчымасцяў дапамагала. Калі цырымоніі ўручэння праходзілі ў Беларусі, Наталля прыходзіла на іх і брала ўдзел ва ўшанаванні лаўрэатаў.

Мы ўдзячныя ёй за гэтую шматгадовую прысутнасць побач, за ўвагу, падтрымку і клопат пра захаванне памяці і спадчыны Алеся Адамовіча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)