Чаму Лукашэнка ня здолеў паўтарыць кітайскі эканамічны цуд
Чаму адны аўтарытарныя рэжымы, як у Кітаі і Сынгапуры, спрыяюць эканамічнаму росту, а іншыя, як у Расеі і Беларусі, не? Галоўнае адрозьненьне эканамічнай палітыкі Беларусі і Кітаю — стаўленьне да ролі рынкавых мэханізмаў і прыватнага сэктару, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Вульгарны марксізм
Апошнім часам Аляксандр Лукашэнка падчас розных сустрэч і нарадаў часта паўтарае адну і тую ж думку. Маўляў, галоўнае — гэта эканоміка, усё астатняе прыкладзецца, але калі ня будзе эфэктыўнай эканомікі, то павялічваецца пагроза вайны, залежнасьці ад іншых краін і іншыя непрыемнасьці. Як у ягоных уяўленьнях зьвязана адно з другім, ня вельмі зразумела.
Але паводле свайго сьветапогляду Лукашэнка застаўся марксістам. А паводле марксісцкай тэорыі, эканоміка вызначае ўсе грамадзка-палітычныя працэсы. І калі трактаваць гэты канцэпт вульгарна, то можна зрабіць выснову, што найважнейшай перадумовай рэвалюцыі зьяўляецца беднасьць.
Але, як шмат разоў паказваў гістарычны досьвед, наўпроставай сувязі паміж узроўнем жыцьця і рэвалюцыяй няма. Напрыклад, значную ролю ў пратэстах 2020 году ў Беларусі адыгрывала гарадзкая сярэдняя кляса. І Лукашэнка нават дзівіўся: чаго ім трэба гэтым айцішнікам, у іх жа высокія заробкі.
«Канец гісторыі» абвешчаны зарана
Зь іншага боку, у заходняй гуманітарнай навуцы яшчэ 20-30 гадоў таму была шырока распаўсюджаная канцэпцыя, што толькі лібэральная дэмакратыя і рынкавая эканоміка садзейнічаюць эканамічнаму росквіту.
І наадварот, дыктатура і плянава-дырэктыўная мадэль тармозяць рост эканомікі. Прычым лібэральная дэмакратыя і рынак разглядаліся як непарыўна зьвязаныя зьявы. Крах СССР і «сусьветнай сыстэмы сацыялізму», якая прайграла канкурэнцыю з капіталізмам, маштабны эканамічны правал мааісцкага Кітаю пацьвярджалі гэты канцэпт.
Амэрыканскі філёзаф Фрэнсіс Фукуяма напісаў сваю знакамітую кнігу «Канец гісторыі і апошні чалавек», якая стала клясычнай ілюстрацыяй гэтай тэорыі.
Аднак мадэрнізыцыйны рывок Кітаю пад кіраўніцтвам Кампартыі, відавочныя посьпехі Віетнаму, Сынгапуру, дзе пануюць аўтакратычныя рэжымы, не абверглі гэты канцэпт цалкам, але паставілі яго пад сумнеў.
Высьветлілася, што рынкавая эканоміка можа забясьпечыць вялікія дасягненьні і без дэмакратыі. Досьвед Кітаю паказвае, што эканамічная мадэрнізацыя на грунце рынку нават умацоўвае дыктатуру.
Розныя аўтакратыі
І тут узьнікае натуральнае пытаньне: чаму адны аўтарытарныя рэжымы (Кітай, Сынгапур) спрыяюць эканамічнаму росту, а іншыя (Расея, Беларусь), не? Існуе шмат варыянтаў адказу на гэтае пытаньне. Напрыклад, ёсьць такое тлумачэньне, што прычына палягае ў культурных асаблівасьцях.
Краіны, якія прадэманстравалі посьпехі эканамічнай мадэрнізацыі, належаць да таго, што некаторыя дасьледнікі называюць «рысавай цывілізацыяй» Паўднёва-Ўсходняй Азіі.
Магчыма, што гэта так, культура і традыцыя сапраўды маюць важнае значэньне. Аднак прыналежнасьць да той самай «рысавай цывілізацыі» чамусьці не спрыяе эканамічнаму разьвіцьцю, напрыклад, Паўночнай Карэі. Таму вырашальнае значэньне тут мае эканамічная палітыка, стаўленьне да рынку.
Той жа Кітай стаў імкліва разьвівацца толькі тады, калі адмовіўся ад мааісцкага варыянту казарменнага сацыялізму і пачаў рынкавыя рэформы.
Калі вярнуцца да Беларусі, то варта адзначыць, што апошнія паўтара дзесяцігодзьдзі беларуская эканоміка па сутнасьці стагнавала. У сярэднім з 2011 году яна расла прыкладна на 1% у год. З 2021 па 2025 год беларуская эканоміка павялічылася толькі на 7%, у той час як сусьветная эканоміка за гэты час вырасла больш як на 19%.
Стаўленьне да бізнэсу
Галоўнае адрозьненьне эканамічнай палітыкі Беларусі ад Кітаю — стаўленьне да ролі рынкавых мэханізмаў, прыватнага сэктару. У КНР улады робяць вялікую стаўку на бізнэс, падтрымліваюць прыватны сэктар і разглядаюць яго як адзін з галоўных рухавікоў эканомікі.
Створаная ў Беларусі сацыяльная мадэль у значнай ступені грунтуецца на савецкай ідэалягічнай спадчыне, ідэях сацыяльнай справядлівасьці, абароны насельніцтва і даміноўнай ролі дзяржавы.
З самага пачатку свайго прэзыдэнцтва Лукашэнка абапіраўся на сацыяльных аўтсайдэраў — людзей, якія не ўпісваліся ў працэс рэформаў і баяліся іх (пэнсіянэры, калгасьнікі, працаўнікі стратных дзяржпрадпрыемстваў). Ягоная легітымнасьць шмат у чым была заснаваная на міце, што ў Беларусі пабудаванае грамадзтва без багатых.
«Я ж не раздаў дзяржаўную маёмасьць, не стварыў алігархаў», — з гонарам паўтарае Лукашэнка.
Насьцярожанае стаўленьне Лукашэнкі да бізнэсу абумоўленае тым, што бізнэс імкнецца быць самастойным, непадкантрольным уладзе і незалежным ад дзяржавы. Лукашэнка баіцца зьяўленьня алігархаў, якія на пэўным этапе пачнуць канвэртаваць эканамічную ўладу ў палітычны ўплыў.
То бок свабодны рынак з гледзішча Лукашэнкі — гэта пагроза ягонаму поўнаўладзьдзю. Ён выразна ўсьвядоміў, што даміноўны дзяржаўны сэктар у эканоміцы — аптымальная мадэль для ўтрыманьня ўлады. Прыватным бізнэсам цяжка кіраваць у ручным рэжыме, без чаго Лукашэнка не ўяўляе сабе працэс уладараньня.
Аграрная палітыка
Цікава, што Лукашэнка ўвесь час зьвяртаецца да досьведу Кітаю як да ўзору, але трактуе яго своеасабліва. Напрыклад, выступаючы на адной з нарадаў у джалёкім ужо 1998 годзе, ён заявіў: «Хто дабіўся самага вялікага і самага хуткага на плянэце прыросту сельскагаспадарчай прадукцыі? Кітай, дзе няма афіцыйнай прыватнай уласнасьці на зямлю».
Аднак справа ў тым, што хуткі рост аграрнай вытворчасьці ў Кітаі адбыўся толькі пасьля і ў выніку таго, што падчас рэформаў народныя камуны там распусьцілі, а сялянскім сем’ям перадалі зямлю ў доўгатэрміновае карыстаньне і далі значна большую гаспадарчую самастойнасьць.
Вопыт кітайскай аграрнай рэформы стаў у сусьветнай літаратуры хрэстаматыйным прыкладам эфэктыўнасьці ўвядзеньня рынкавых мэханізмаў у сацыялістычнай сельскай гаспадарцы. І найперш на гэтым настойваюць самі кітайцы.
Розная рэакцыя на крызіс
Таксама можна адзначыць розную рэакцыю ўладаў Кітаю і Беларусі на крызіс, масавую грамадзкую незадаволенасьць. У 1989 годзе кітайскія камуністы сілай задушылі масавыя пратэсты ў Пэкіне і іншых гарадах, ужыўшы войскі і бронетэхніку.
Пасьля пэрыяду тармажэньня рэформаў кіраўніцтва КНР у пачатку 1990-х зноў зрабіла стаўку на паскарэньне рынкавых пераўтварэньняў. Эканамічны рост у наступныя дзесяцігодзьдзі істотна павысіў узровень жыцьця насельніцтва.
У Беларусі рэакцыяй на крызіс і пратэсты сталі маштабныя рэпрэсіі, а таксама ўзмацненьне ціску на бізнэс, бо значная частка супрацоўнікаў прыватных кампаніяў была ўдзельніцай пратэстаў.
У выніку аўтарытарная мадэрнізацыя Кітаю дала значна лепшыя эканамічныя вынікі, тады як беларуская эканоміка расьце павольна.
Читайте еще
Избранное